5 лютага 2020 года
У цэнтральнай бібліятэцы прайшло пасяджэнне літаратурнай гасцёўні “Субяседнік”, прысвечанае 85-годдзю з дня нараджэння пісьменніка-земляка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі А.П. Палітыкі “І жартам, і ўсур’ёз…”. Павіншаваць пісьменніка прыйшлі госці, а таксама родныя людзі, блізкія сябры і маладое пакаленне. Таксама свайго сябра, калегу, з задавальненнем віншавалі супрацоўнікі калектыва рэдакцыі раённай газеты “Крычаўскае жыццё”. Гучалі музычныя віншаванні.
Цэнтральная бібліятэка на працягу шматлікіх гадоў падтрымлівае сувязь з Апанасам Паўлавічам Палітыка. Ён – абавязковы ўдзельнік літаратурнай гасцёўні “Субяседнік”, дзе не толькі знаёміць усіх са сваімі новымі творамі, але і выступае ў якасці настаўніка, даючы патрэбныя рады маладым аўтарам. Маладое пакаленне, вучні 11 класа сярэдняй школы № 1 г.Крычава, якое знаёма з творчасцю пісьменніка-земляка, задавалі пытанні аўтару. Апанас Паўлавіч і цяпер актыўна друкуецца. Яго гумарэскі рэгулярна з’яўляюцца на старонках раённай газеты “Крычаўскае жыццё”. У выкананні дачкі Апанаса Паўлавіча – Элеаноры гучалі гумарэскі. Таксама супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі была пастаўлена інсцэніроўка гумарэскі “На шляху да касцюма”.
Да мерапрыемства была арганізавана кніжная выстава “Голас роднага краю – Апанас Палітыка”, дэманстравалася медыя-прэзентацыя “Свой хлопец. Апанас Палітыка”, віртуальная выстава “Сатырык-гумарыст Апанас Палітыка». Пісьменніку быў уручаны буклет з серыі “Пісьменнікі-землякі” “А.П. Палітыка” і біябібліяграфічны спіс літаратуры “Апанас Паўлавіч Палітыка”.