Біяграфія
Бугаёў Дзмітрый Якаўлевіч
Бугаёў Дзмітрый Якаўлевіч нарадзіўся 12.01.1929 у вёсцы Сычык Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Крытык, літаратуразнавец. Член СП СССР з 1961. Кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я.Коласа (1984, за кнігу крытычных нарысаў «Талент і праца» ). Нарадзіўся Дз. Бугаёў у сялянскай сям’і. Пасля сканчэння няпоўнай сярэдняй школы з 1945 па 1948 вучыўся ў Магілёўскім педвучылішчы, потым на факультэце мовы і літаратуры Магілёўскага педінстытута, які скончыў у 1952 годзе. Яшчэ ў гады вучобы ў інстытуце праявіў схільнасць да навукова-даследчай работы. Гэта і прывяло Дз. Бугаёва ў аспірантуру пры Мінскім педагагічным інстытуце, дзе ён займаўся ў 1952 – 1955 годзе. Працаваў старшым выкладчыкам кафедры літаратуры Мозырскага педінстытута (1955 — 1959). У перыяд з 1959 па 1964 год — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН БССР, у 1964 годзе – дацэнт, у 1987 годзе — прафесар БДУ. Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Першая публікацыя Дз. Бугаёва з’явілася ў 1951 годзе. Як прафесійны крытык і літаратуразнавец выступае ў друку з 1957 года. Першая кніга яго «Шчодрае сэрца пісьменніка» (1963) прысвечана пераважна даваеннай прозе М.Лынькова. Ужо ў гэтай працы аўтару ўдалося выявіць найбольш істотныя ідэйна-мастацкія асаблівасці арыгінальнага таленту выдатнага беларускага празаіка. Кола інтарэсаў даследчыка досыць шырокае. Яго пяру належаць манаграфіі пра М.Танка, У.Дубоўку, М.Гарэцкага, К.Крапіву, І.Мележа, В.Быкава. У зборніку літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій Дз.Бугаёва «Шматграннасць» прааналізавана творчасць Б.Мікуліча, В.Каваля, І Шамякіна, Я.Брыля, М.Лобана, А.Чарнышэвіча, В.Быкава, А.Адамовіча, І.Чыгрынава, М.Стральцова, Б.Сачанкі, Г.Бураўкіна і інш. У кнізе «Талент і праца» змешчаны літаратурныя партрэты П.Галавача, П.Панчанкі, І.Навуменкі, М.Аўрамчыка, Я.Янішчыц, артыкулы, прысвечаныя Я.Коласу і В.Быкаву, а таксама рэцэнзіі на асобныя творы іншых пісьменнікаў. Грунтоўны аналіз творчасці многіх пісьменнікаў, актуальных праблем развіцця беларускай крытыкі дае ў зборніку «Чалавечнасць». Асэнсоўваючы літаратурныя з’явы пераважна ў сацыяльна-псіхалагічным плане. Дз.Бугаёў разам з тым імкнецца пранікнуць у творчую лабараторыю пісьменніка, вызначыць яго індывідуальна-творчае аблічча, раскрыць эстэтычнае багацце, жанрава-тэматычную і стылёвую шматграннасць беларускай савецкай літаратуры. Ён адзін з аўтараў 2-томнай «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964, 1966) і «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» ў 2 частках (1981, 1982). Памёр у 2017 годзе. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Уклад Дзмітрыя Якаўлевіча ў развіццё беларускай літаратуры, асабліва ў развіццё беларускага літаратуразнаўства, дастойны таго, кааб яго імя назаўсёды заставалася ў нашай памяці.