Дуктаў Уладзімір Уладзіміравіч
Дуктаў Уладзімір Уладзіміравіч нарадзіўся 28.12.1953 г. у горадзе Крычаве ў рабочай сям’і. Пасля заканчэння школы займаўся на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта (1971 — 76). У 1986-87 вучыўся ў Мінскай вышэйшай партыйнай школе. З 1976 працаваў карэспандэнтам Клімавіцкай раённай газеты “Новае жыццё”. З 1977 – лектар, з 1979 – намеснік загадчыка аддзела, з 1980 – загадчык аддзела Магілёўскага абкома камсамола. З 1982 – загадчык аддзела Кастрычніцкага райкома партыі г.Магілёва, з 1984 – інструктар Магілёўскага абкома партыі. З 1987 – рэдактар Магілёўскай раённай газеты. У 1994 прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, абраны сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення. З 1970 выступае ў друку і радыё. Аўтар кніг прозы “Дзякуй і даруй” (1993), “Трэцяя асоба” (1997), “Смешкі-пацешкі” (1998). Друкаваўся ў калектыўных зборніках “Галасы Прыдняпроўя”, “Дняпроўскія хвалі”, “Карані”, у рэспубліканскай перыёдыцы. Шмат робіць на Магілёўшчыне для адраджэння роднай мовы, нацыянальнай свядомасці. Жыў у Магілёве. Памёр У. Дуктаў у 2017 годзе.