Карамазаў Віктар Філімонавіч
Карамазаў Віктар Філімонавіч, нарадзіўся 27.06.1934 г. у г.Чэрыкаве Магілёўскай вобласці. Пісьменнік, аўтар кніг аповесцей і апавяданняў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя К.Каліноўскага (1990) за кнігу публіцыстыкі “Проста ўспомніў я цябе…”. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У.І.Леніна (1958). Працаваў адказным сакратаром чэрыкаўскай раённай газеты “Сацыялістычная перамога”, крычаўскай раённай газеты “Шлях сацыялізма”, загадваў аддзелам у міжраённай газеце “Новае жыццё” (Крычаў). У 1962 – 1963 гг. – уласны карэспандэнт абласной газеты “Магілёўская праўда”. З 1964 г. працаваў у газеце “Звязда” – супрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела навукі, ВНУ і школ, а затым загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва. У 1969 – 1971 гг. быў літаратурным супрацоўнікам, пасля загадчыкам аддзела культуры газеты “Літаратура і мастацтва”, загадчыкам аддзела мастацкіх фільмаў Галоўнай рэдакцыі “Тэлефільм”, членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачання. З сакавіка 1982 г. – загадчык аддзела публіцыстыкі часопіса “Полымя”. У 1982 – 1986 гг. – кансультант СП БССР. Член СП СССР з 1969г. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Першае апавяданне надрукаваў у 1958 г. (альманах «Советская Отчизна»). Аўтар кніг, аповесцей і апавяданняў “Падранак” (1968), “Па талым снезе” (1973), “Спіраль” (1974), “Вясёлка сярод зімы” (нарысы, 1978), “Дзень Барыса і Глеба” (1981), “Дома” (1984), “Дзяльба кабанчыка” (выбранае, 1988), “Глядзіце ў вочы лемуру” (аповесць-эсэ, 1989), “Проста ўспомніў я цябе…” (публіцыстычная проза, эсэ, 1989), раманаў “Пушча” (1979, экранізаваны ў 1988), “Бежанцы” (часопіс “Полымя”, 1990).
Аўтар сцэнарыяў мастацкага тэлевізійнага фільма “Зялёныя фрэгаты” (пастаўлены ў 1974) і шэрага дакументальных кінастужак.
Памёр 15 жніўня 2023 года. Пахаваны у г. Крычаве Магілёўскай вобласці.