Анціпенка
Леанід Міхайлавіч

    Анціпенка Лявон (Леанід Міхайлавіч),  нарадзіўся  4.12.1934 г. (дата  ў пашпарце 25.01.1935) у в. Цінькаў Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Рэдактар Шклоўскай раённай газеты, член Саюза журналістаў.
    Нарадзіўся ў сям’і рабочага чыгуначніка і калгасніцы. Закончыў Бацвінаўскую сярэднюю школу (1953), Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага – гісторыка-філалагічны факультэт, беларускае аддзяленне (1959). Потым тры гады працаваў дырэктарам Ракашыцкай васьмігадовай школы Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. З 1963 г. – літаратурны супрацоўнік
    Шклоўскай раённай газеты “Ударны фронт”, у гэтым жа годзе пераведзены загадчыкам сельгасаддзела рэдакцыі. З 1965 г. працуе намеснікам рэдактара, а з 1975 г. рэдактарам газеты “Ударны фронт”. Член Саюза журналістаў.
    Першыя байкі змясціў у Чэрыкаўскай раённай газеце (20 мая 1954., “Мядзведзь і самакрытыка”). Потым яго байкі сатырычныя і лірычныя вершы, пародыі, апавяданні друкаваліся ў газетах “Магілёўская праўда”, “Звязда”, “ЛіМ”, “Чырвоная змена”,  у часопісах “Вожык”, “Полымя”, “Беларусь” і іншых перыядычных выданнях.
    Лявон Анціпенка – сааўтар калектыўных зборнікаў “Вожык у дарозе” (1966), “Беларуская байка” (1986), “Асцюкі за каўняром” (1989), “Ранішняя дарога” (1990) і іншых.. У 1994 г. ён выдаў зборнік сваіх вершаў, эпіграм і пародый “За лугамі, за ракою”.