Бугаёў
Дзмітрый Якаўлевіч

Бугаёў Дзмітрый Якаўлевіч нарадзіўся 12.01.1929 г. у вёсцы Сычык Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Крытык, літаратуразнавец. Член СП СССР з 1961. Кандыдат  філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я.Коласа (1984, за кнігу крытычных нарысаў "Талент і праца" ). Нарадзіўся Дз. Бугаёў у сялянскай сям"і. Пасля сканчэння няпоўнай сярэдняй школы з 1945 да 1948 вучыўся у Магілёўскім педвучылішчы, потым на факультэце мовы і літаратуры Магілёўскага педінстытута, які скончыў у 1952 г. Яшчэ ў гады вучобы ў інстытуце праявіў схільнасць да навукова-даследчай работы. Гэта і прывяло Дз. Бугаёва ў аспірантуру пры Мінскім педагагічным інстытуце, дзе ён займаўся ў 1952–55. Працаваў старшым выкладчыкам кафедры літаратуры Мазырскага педінстытута (1955–59). У 1959–64 навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН БССР. З 1964 – дацэнт, з 1987 прафесар БДУ. Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Першая публікацыя Дз. Бугаёва з"явілася ў 1951. Як прафесійны крытык і літаратуразнавец выступае ў друку з 1957. Прешая кніга яго "Шчодрае сэрца пісьменніка" (1963) прысвечана пераважна  даваеннай прозе М. Лынькова. Ужо ў гэтай працы аўтару удалося выявіць найбольш істотныя ідэйна-мастацкія асаблівасці арыгінальнага таленту выдатнага беларускага празаіка. Кола інтарэсаў даследчыка досыць шырокае. Яго пяру належаць манаграфіі пра М. Танка, У. Дубоўку, М. Гарэцкага, К. Крапіву, І. Мележа, В. Быкава. У зборніку літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій Дз. Бугаёва "Шматграннасць" прааналізавана творчасць Б. Мікуліча, В. Каваля, І. Шамякіна, Я. Брыля, М. Лобана, А. Чарнышэвіча, В. Быкава, А. Адамовіча, І. Чыгрынава, М. Стральцова, Б. Сачанкі, Г. Бураўкіна і інш. У кнізе "Талент і праца" змешчаны літаратурныя партрэты П. Галавача, П. Панчанкі, І. Навуменкі, М. Аўрамчыка, Я. Янішчыц, артыкулы, прысвечаныя Я. Коласу і В. Быкаву, а таксама рэцэнзіі на асобныя творы іншых пісьменнікаў. Грунтоўны аналіз творчасці многіх пісьменнікаў, актуальных праблем развіцця беларускай крытыкі дае ў зборніку "Чалавечнасць". Асэнсоўваючы літаратурныя з"явы пераважна ў сацыяльна-псіхалагічным плане. Дз.Бугаёў разам з тым імкнецца пранікнуць у творчую лабараторыю пісьменніка, вызначыць яго індывідуальна-творчае аблічча, раскрыць эстэтычнае багацце, жанрава-тэматычную і стылёвую шматграннасць беларускай савецкай літаратуры. Ён адзін з аўтараў 2-томнай "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры" (1964. 1966) і "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры" ў 2 частках (1981. 1982). Памёр Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў у снежні 2017 года. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.