Палітыка
Апанас Паўлавіч

Палітыка Апанас Паўлавіч, нарадзіўся 5.02.1935 г. у вёсцы Бродак Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Празаік, паэт, член СП Беларусі з 1981 г. Нарадзіўся  ў сялянскай сям’і. У 1949 г. скончыў 5 класаў Паланіцкай сямігодкі. Працягваць вучобу далей не меў магчымасці – у сям’і было 9 дзяцей. Таму паехаў у Кіеў, паступіў у рамеснае вучылішча. Жыццё гэтага пісьменніка звязана з малай радзімай – гераічнай Крычаўскай зямлёй. У 1959 – 60 г. ён працаваў на Крычаўскім птушкакамбінаце, а з 1967 г. пасля заканчэння інстытута, - старшым выхавацелем школы-інтэрната ў Крычаве. З 1969 г. загадваў сельскагаспадарчым аддзелам Крычаўскай районнай газеты “Ленінскі кліч”. У 1975 г. стаў карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання, потым загадчыкам аддзела інфармацыі і радыёвяшчання раённай газеты.
      Літаратурную працу пачаў у 1960 годзе з вершаў на рускай мове. Свой першы верш апублікаваў у газеце “Магілёўская праўда”. Яго празаічныя творы, апавяданні, аповесці адметныя грунтоўным веданнем жыцця, цёплым гумарам, вострай сацыяльнай накіраванасцю, непрымірымымі адносінамі да негатыўных з’яў, якія перашкаджаюць нам жыць. Першы зборнік твораў Апанаса Палітыкі выйшаў у 1976 годзе пад назвай “І ў хвост і ў грыву”. Аўтар кніг “Маўчанне навыперадкі”, “Свой хлопец”, “Праверка”. У сваім зборніку апавяданняў “Праверка” аўтар даследуе многія “язвы” нашага жыцця. Ён вядомы сваімі сатырычнымі творамі. Жыццё пісьменніка звязана з малой радзімай – Крычаўскай зямлёй, дзе і жыве ён сёння.