Кніга – крыніца інфармацыі. Яна ўзнікла тады, калі чалавек захацеў расказаць тое, што ведае, не толькі нейкаму аднаму чалавеку, з якім гутарыў, а і многім невядомым і незнаёмым субяседнікам.
   Беларуская кніга – гэта сотні тысяч выданняў і мільёны экземпляраў, якія надрукаваны ў розныя стагоддзі ў розных краінах, розных гарадах і розных выдавецтвах. Вялікае багацце імёнаў і твораў у сучаснай беларускай літаратуры.
  Душа заўсёды прагне кнігі, бо без яе яна абдзеленая. Душа без кнігі няпоўная.
  Прапануем вашай увазе віртуальную выставу найбольш значных твораў беларускіх пісьменнікаў апошніх гадоў.

  Арлоў, У. Сны імператара: Апавяданні, аповесці, эсэ / У. Арлоў.- Мінск.: Мастацкая літаратура, 2001.- 383 с.- (Беларуская проза ХХ стагодзя).
  Гісторыя Беларусі – асноўная тэма творчасці Уладзіміра Арлова.
  Кнігу склалі творы, якія ўваскрашаюць падзеі беларускага мінулага з часоў нашай першай дзяржавы – Полацкага княства – да ХХ стагоддзя.
Чытача чакаюць сустрэчы з паэтам Міколам Гусоўскім, філосафам Казімірам Ляшчынскім, паўстанцамі 1863 года, царазабойцамі Ігнатам Грынявіцкім і іншымі вядомымі і невядомымі асобамі айчыннай гісторыі.

 Волкович, А.М. Берёза черная, береза белая…: проза / Александр Волкович.- Минск: Літаратура і мастацтва, 2009.- 288 с.
  Названию всей книги дала автобиографическая повесть, в основу которой легли образы березы белой – кариатиды, удерживающей угрозу войны, и березы черной – жертвы атомных взрывов. Герои других рассказов и повестей автора – простые люди, но это люди долга, справедливости, чести и добра, которые попав в ситуацию выбора, не теряют своего человеческого достоинства. Язык произведений очень образный, со множеством фразеологизмов и диалектных белорусских слов.

 Карызна, У.І.  Доля Русь наша Белая: вершы, паэмы, песні / Уладзімір Карызна.- Мінск: Мастацкая літаратура, 2007.- 334 с.
  Я хацеў бы адзначыць дзве грані таленту паэта і яго светаўспрымання. Адна – здольнасць адчуваць і бачыць супярэчнасці свету, негатыўныя, балючыя з’явы, другая – імкненне да гармоніі, прыгажосці, да ідэальнага боку жыцця.
                          Уладзімір Гніламёдаў
  У кнігу выбранай лірыкі выдомага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і прэміі прафсаюзаў Беларусі Уладзіміра Карызны ўвайшлі вершы і паэмы са зборнікаў “Жураўліны досвітак”, “Святло ліўня”, “Цеплыня” і інш., а таксама многія папулярныя песні на словы паэта з нотамі.

   Купрэеў, М.С. Палеская элегія: аповесці / Мікола Купрэеў, укладальнік Л.М. Галубовіч.- Мінск : Литература и искусство, 2007.- 312 с.: іл.
  Мікола Купрэеў (1937-2004) – вандроўны паэт з Айчынай у “жураўліным сэрцы”. “Палеская элегія” – пасмяротная кніга пісьменніка. Аповесці, сабраныя пад адной вокладкай, - гэта яго мастацкая аўтабіяграфія. Вобразы купрэеўскіх герояў надзвычай каларытныя, як і асоба самога аўтара, які пакінуў пасля сябе на нашай зямлі не толькі “светлае імгненне”, але і бяспрыкладную любоў да роднага краю. А кніга ў цэлым – гэта светлая споведзь сірочай душы пасярод агульнай адзіноты, скоранасці і сумненняў.

  Левановіч, Л.К. Палыновы вецер: раман / Леанід Левановіч.- Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009. – 224 с.
  Леанід Левановіч – вядомы беларускі пісьменнік, аўтар пяці раманаў, звязаных аднымі героямі і месцамі дзеяння. “Палыновы вецер” працягвае гэты цыкл, у які ўваходзяць раманы “Шчыглы”, “Паводка сярод зімы”, “Дзікая ружа”, “Сіняе лета”, “Бесядзь цячэ ў акіян”. У новым рамане расказваецца пра распад СССР і палітычныя падзеі 1980-90-х гадоў, якія аказаліся лёсавызначальнымі для многіх савецкіх людзей, пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС і пра бязмежнае каханне ў радыяцыйнай зоне.

 Паплаўскі, А. Ф. Пастка для рэха: аповесці / Алесь Паплаўскі ; маст. А. Г. Званароў. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009. — 224 с. – (Серыя “Лімаўскі фальварак”).
 Шукаць, каб размінуцца… Знайсці, каб не зразумець… Жыццё шматграннае і шматколернае, поўнае складанасцяў і неспадзяванак. Любая выпадковасць, любая неістотная дробязь можа цалкам перайначыць яго. Прайсці праз цяжкія выпрабаванні і застацца чалавекам, дакапацца да свайго існага “Я” і паверыць у сябе – вось якія задачы стаяць перад лірычнымі героямі прапануемых чытачу твораў. А зрабіць гэта часам вельмі складана…

  Рубанаў, У. Укус змяі : раманы / Уладзімір Рубанаў.—Мінск : Мастацкая літаратура, 2007.— 337 с.— (Беларуская проза XX стагоддзя).
  Раман “Укус змяі” прысвечаны тэме адвечнай барацьбы бездухоўнай часткі грамадства з адухоўленай, здольнай ствараць. На думку аўтара, усе рэвалюцыі, войны, канфлікты, уключаючы і сямейныя, і ёсць не што іншае, як выяўленне гэтай барацьбы.
  Невялічкі раман “Паветраная жанчына” сам аўтар  назваў авантурным. Эмацыянальна афарбаваны, вострасюжэтны твор прысвечаны непераможнаму каханню.

  Стральцоў, М. Л. Ад маладзіка да поўні : апавяданні, аповесці, эсэ / Міхась Стральцоў ; уклад. В. Стральцовай. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2005.—430 с. (Беларуская проза XX стагоддзя).
  (Беларуская проза XX стагоддзя).
  Загадка ёсць у лёсе амаль кожнага мастака. Гэта загадка ракі: яна нараджаецца недзе ў вытоках, трымціць і мроіцца там, і толькі мора, у якое ўпадае рака, цалкам разгадвае яе. Мора – гэта час, жыццё народа і літаратуры, да якіх прылучаецца мастак.
Міхась Стральцоў.
  У кнігу прозы вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы (1988) Міхася Стральцова (1937 – 1987) увайшлі лепшыя апавяданні розных гадоў, аповесці “Адзін лапаць, адзін чунь”, “Загадка Багдановіча”, эсэ.

  Сіпакоў, Я. Зубрэвіцкая сага : раман у апавяданнях / Янка Сіпакоў.—Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. — 338 с. — (Лімаўскі фальварак).
    “Зубрэвіцкая сага” – раман-містыфікацыя ў апавяданнях. Пачынаецца кніга паляваннем нашых продкаў на мамантаў, а заканчваецца падзеямі Другой сусветнай вайны, нашэсцем немцаў на Беларусь, якая тады была ў складзе Савецкага Саюза.
  Што ж аб’ядноўвае гэтыя апавяданні ў адзіны твор? Месца, невялікая, звычайная беларуская вёсачка Зубрэвічы, якая ўзнікла на шляхах мамантавых ловаў, вёсачка, у якой жыў князь Мітка Сякіра – Дзмітрый Зубрэвіцкі, паселішча, пра якое ведаў кароль Польшчы Ягайла і якое, відаць, паставіла і сваіх ваяроў на Грунвальдскую бітву.

 Сіпакоў, Я. Зялёны лісток на планеце Зямля. Партрэт Беларусі : эсэ / Я. Сіпакоў. — Мінск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — 368 с. : іл.
  Кніга вядомага беларускага пісьменніка Янкі Сіпакова ўяўляе сабой партрэт нашай краіны, складзены з эсэ, якія расказваюць пра месца Беларусі і беларусаў у свеце, пра нашу гісторыю і культуру, прыгажосць нашай зямлі, пра тое, з чаго мы радуемся і з чаго засмучаемся, чым ганарымся, адкуль мы пайшлі і куды ляжыць наш шлях.

 Шніп, В. А. Страла кахання, любові крыж : паэзія і проза / Віктар Шніп ; прадм. У. Гніламёдава. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. — 270 с. – (Залатое пяро).
  Папярэдняя кніга лаўрэата прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага Віктара Шніпа “Балада камянёў” на Першым Рэспубліканскім конкурсе на лепшую кнігу года атрымала вышэйшую ўзнагароду – “Залаты Купідон”. Кніга паэзіі і прозы “Страла кахання, любові крыж” – гэта працяг роздуму паэта пра свет, у якім мы ўсё жывем і ў якім ёсць месца для шчырай любові і вялікага кахання.

  Праўдзін, В. А. Нелюбімыя гінуць : проза / Віктар Праўдзін; прадм. В. Гардзея. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2010. – 375 с. – (Залатое пяро).
  Раман Віктара Праўдзіна “Нелюбімыя гінуць” – надзвычай сучасны, глыбока псіхалагічны і ў значнай меры – сентыментальны.
У цэнры ўвагі аўтара – лёсы трох жанчын. Люба Анікейчык, прывабная вясковая беларусачка, ад побытавай безвыходнасці і няўдалага кахання вярбуецца на заробкі ў Германію, дзе ёй наканавана стаць сексуальнай забаўкай. Маладая чэчэнка Айшэ, нелюбімы муж-гвалтаўнік якой гіне, пакідаючы цяжарнаю жанчыну ва ўмовах вайны працягваць яго род. Мінчанка Марыя па віне п’янага мужа ў мядовы месяц трапляе ў аўтакатастрофу і застаецца бязногай калекай. Ад нявесты зняволены ў турме нарачоны адмаўляеца, спустошаная маральна жанчына ідзе на шлях распусты. У рамане чаргуюцца нямецкія, чэчэнскія, беларускія раздзелы-карціны, сюжэт востры, напружаны. У кнігу ўключана таксама вядомая далёка за межамі Беларусі дэтэктыўна-прыгодніцкая аповесць “Эксгумацыя”.

  Дубоўка, У. О Беларусь, мая шыпшына…: Выбранае / Уладзімір Дубоўка; Уклад. Дз. М. Давідоўскага, З.К. Пазняк (У. Шэкспір. Санеты) – Мінск.: Мастацкая літаратура, 2002.- 318 с.

Жыццё закон нязломны мае:
ніколі праўда не ўмірае.
Адно хоць зернетка малое
ды застанецца пра былое.
Ні на пяску, ні на каменні
ушчэнт не выпетрае зерне:
узыдзе, ўсходы будуць з плёнам,
з адзінак вырастуць мільёны…
         Ніколі праўда не ўмірае

  У кнігу майстра самабытнага паэтычнага беларускага слова Уладзіміра Дубоўкі увайшлі творы, якія друкаваліся ў зборніках “Строма”, “Трысцё”, “Наля” і інш. У выдатным перакладзе паэта з непаўторнай прыгажосцю гучаць санеты Шэкспіра.
Паэзія У. Дубоўкі поўніцца гукамі і водарамі роднай зямлі.