Зямля Фердынанда
Віктар Карамазаў: «Імкнуся паказаць, як выяўляецца творчая асоба»
(з размовы з пісьменнікам).
— У Вашу новую кнігу «Пад крыжам» увайшла аповесць «Зямля Фердынанда» пра нашага выдатнага мастака Рушчыца. Як Вы яе пісалі?
— Цяжка пісаць пра мастакоў, якія жылі і памерлі, таму што ў нас няма архіваў. Але мне не патрэбная ўся біяграфія мастака. Мне трэба быць моцна ўражаным яго творчым, духоўным подзвігам або яго трагедыяй, ёю запаліцца, у яе ўвайсці і яе разгадаць, маючы ўсяго некалькі фактаў з жыцця, але такіх, якія даюць лагічную і дастатковую прастору для псіхалагічнага мастацкага аналізу. Гэтакая праца патрабуе ад мяне майго ўласнага жыццёвага вопыту не менш, як жыццёвага вопыту літаратурнага героя. Так. І гэта, падкрэслю, не ёсць выдуманая праўда. Пад ёй грунт больш моцны, як пад нейкім адным асобным біяграфічным і гістарычным фактам. Трэба выпрацаваць пэўны стыль і метад. Мне гэта, думаю, пакуль што ўдаецца.
У сваёй аповесці пра Рушчыца я даследаваў праблему адрыву мастака ад родных каранёў, спрабаваў спасцігнуць, чаму Рушчыц назаўсёды пакінуў палітру і пэндзлі і пераключыўся на выкладчыцкую дзейнасць. Я зразумеў гэтую драму і даў адказ у аповесці. Мастак павінен трымацца свайго асяроддзя, сваёй глебы, сваіх традыцый, школы. Як толькі ён пачынае мяняць іх, то губляе сваю непаўторнасць.