З гісторыі вёсак і вяскоўцаў на Крычаўшчыне

                                                                       Гістарычны нарыс
 
    Цяжкім было жыццё працоўных у дарэвалюцыйнай беларускай вёсцы, асабліва да адмены прыгоннага права. Не менш трох дзён на тыдзень сяляне павінны адбываць паншчыну, працаваць на палях памешчыка ад цямна да цямна. Звыш паншчыны яны выконвалі дадатковыя павіннасці: рабілі рамонт памяшканняў у маёнтках, вартавалі іх, пасвілі жывёлу, перавозілі на сваіх конях грузы. Жанчыны палолі агароды, пралі і ткалі для паноў.
     Жорсткая эксплуатацыя прыводзіла сялян да разарэння і жабрацтва. Яшчэ больш цяжка было жыхарам казённых маёнткаў, якія здаваліся царскім урадам у арэнду панам. Гэтыя часовыя ўладальнікі па-драпежніцку вялі гаспадарку і жорстка прыгняталі працуючых.
      Прыгонныя сяляне былі пазбаўлены элементарных чалавечых правоў. За малейшыя праступкі паны білі іх бізунамі, садзілі ў калодкі, закоўвалі ў ланцугі. Але сяляне не мірыліся са сваім становішчам. Яны падавалі скаргі на паноў, уцякалі з маёнткаў, адмаўляліся выконваць павіннасці.
      У дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці выяўлена справа аб хваляваннях жыхароў у сяле Кашаны Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні (зараз Крычаўскі раён) у 1804 годзе.
     Казённае сяло Кашаны арандаваў мясцовы памешчык Галынскі, які давёў сялян да разарэння. Даведзеныя да адчаю, сяляне ў 1798 г. падалі на ўладара скаргу ў Чэрыкаўскі павятовы суд. Скарга разгледжана не была. У 1802 г. вяскоўцы падалі другую скаргу. І зноў безвынікова. Тады сяляне адкрыта выступілі. 19 красавіка 1804 г. яны адмовіліся араць зямлю памешчыка.
      Губернскі суд у жніўні 1804 г. вынес рашэнне паступіць з удзельнікамі хвалявання “па ўсёй строгасці закона”, што і было прыведзена ў выкананне. За гэтай фармуліроўкай хавалася надзвычай жорсткая расправа ўлад з паўстаўшымі сялянамі – цялесныя пакаранні і высылка на катаргу ў Сібір.
      Так закончылася ўпартая чатырохмесячная барацьба жыхароў сяла Кашаны супраць уціску памешчыка.
      У першай палове ХІХ ст. большасць насельніцтва Крычаўшчыны складалі сяляне. Паўсюдна адбываліся змены ў развіцці эканомікі у сувязі з рэформай 1861 г., якая пачалася з адмены прыгоннага права. Большасць сялян не мела магчымасці прыдбаць ва ўласнасць зямлю. У Чэрыкаўскім павеце вышэйшы душавы надзел (4 дзес.) каштаваў 133 руб.33 кап.
      Пасля адмены прыгоннага права пад націскам грамадскага руху царскі ўрад вымушаны быў правесці некаторыя рэформы і ў галіне асветы.
      У 1880 г. у Крычаве было 5 царкоўнапрыхадскіх і 4 малітоўныя школы. У Прусіне, Бацьвінаўцы, Волчасе, Маляцічах і ў іншых населеных пунктах працавалі школы граматы.
      У канцы ХІХ ст. у павеце працавалі 2 бальніцы ў Чэрыкаве (па 36 ложкаў) і тры сельскія прыёмныя пункты – у Маляцічах (12 ложкаў), Краснаполлі (20 ложкаў). У павеце хворых лячылі 6 урачоў, 13 фельчараў, 6 бабак-павітух.
      У гэты час сяляне вырошчвалі жыта, авёс, грэчку, пшаніцу. Потым гэтыя культуры пачалі менш займаць пасяўныя плошчы, іх пацяснілі лён, канопля і бульба. Льнаводства, канапляводства і бульбаводства нейкі час лічылася даволі прыбытковымі галінамі. Гэту прадукцыю можна было выгадна прадаць, ды і для сябе яна прыносіла нямала карысці.      Апрача вырошчвання збожжа і тэхнічных культур, сяляне займаліся авечкагадоўляй і пчалярствам. Мёд, сукно і воск вывозіліся на продаж не толькі за межы Крычаўшчыны, але і Магілёўскай губерні.
      З кожным годам абвастраліся сацыяльныя супярэчнасці, узмацнялася барацьба сялян супраць памешчыкаў. Барацьба сялян за зямлю злівалася з барацьбой рабочага класа. Звесткі аб першай расійскай рэвалюцыі 1905-1907 гг. дайшла і да Крычаўшчыны. У чэрвені 1905 г. у Крычаве было масавае выступленне жыхароў супраць царскіх улад. Актыўную работу ў Маляціцкай воласці праводзіла сацыял-дэмакратычная група, якой кіраваў Фёдар Сцяпанавіч Лаўрэнаў.
      Сяляне Крычаўшчыны, як і ўсяго Чэрыкаўскага павета, секлі панскі лес, пасвілі сваю жывёлу на памешчыцкіх сенажацях, грамілі панскія маёнткі, аказвалі супраціўленне павятовай і сельскай адміністрацыі.
      У Крычаве ў студні 1918 г. быў створаны першы бальшавіцкі Савет на чале з камуністамі М.С. Кісялёвым і М.А. Казловым. Умацоўваліся Саветы ў валасцях. Акрамя Саветаў, у вёсках ствараліся камітэты беднаты. На Крычаўшчыне яны дзейнічалі ў вёсках Маляцічы, Касцюшкавічы, Баеўка і іншых. Камітэты беднаты праводзілі актыўную барацьбу з кулацтвам у вёсцы, бралі на ўлік і канфіскоўвалі лішкі збожжа ў кулакоў, вялі барацьбу са спекулянтамі і самагонакурэннем. Памешчыцкі інвентар быў узяты камбедамі на ўлік, а затым рэалізаваны сярод бяднейшага сялянства. Але пастаяннымі былі канфлікты паміж беднымі і багатымі сялянамі. І прычынай амаль заўсёды была зямля. У павеце пачалі арганізоўвацца пракатныя пункты, каб забяспечыць сялян сельскагаспадарчымі прыладамі. Створана было 10 пракатных і зернеачышчальных станцый. Селянін мог узяць малатарню, заплаціўшы за тыдзень яе эксплуатацыі 40 руб., за сеялку – 5, плуг – 1,5 руб. Для заможных сялян устанаўлівалася плата ўтрая вышэйшая.
      Камбеды праводзілі культурна-асветніцкую работу: садзейнічалі адкрыццю школ, народных дамоў, хат-чытальняў, распаўсюджвалі сярод насельніцтва газеты і літаратуру.      Камуністы, камсамольцы, бяднейшыя сяляне часта збіраліся разам, арганізоўвалі чытанні газеты “Красный клич” – орган Чэрыкаўскага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, якая выдавалася з 1918 г. Пытанні, хто больш прыпахаў зямлі, а хто менш, чаму адным дасталіся ўрадлівыя плошчы, другім – пясчаныя і зарослыя кустаўём, хвалявалі вяскоўцаў, і за кожную сотку ішло змаганне, былі спрэчкі і абвінавачванні.
      У вёсцы Сакольнічы на Крычаўшчыне мясцовы жыхар Іван Кашура разам з удзельнікам барацьбы за ўладу Саветаў у Петраградзе, Нясвіжы, Мінску А.П. Пузырэўскім стварыў камітэт сялянскай моладзі. У яго ўвайшлі Іосіф Кашура, Андрэй Вяржбіцкі, настаўніцы з Крычава Соф’я Барцэвіч і Варвара Азарава, а таксама Марфа Свадкоўская, Таня Язерская, Ганна Вішнеўская і іншыя актывісты. Камсамольцы выступалі перад насельніцтвам з лекцыямі, растлумачвалі першыя законы савецкай улады, арганізавалі мастацкую самадзейнасць. Імі нават была пастаўлена п’еса “Улада цемры” Л.М. Талстога. Юнакі і дзяўчаты ўзялі кавалак зямлі, апрацавалі яго, вырасцілі багаты ўраджай лёну і здалі яго ў фонд Чырвонай Арміі.
      Нялёгкімі аказаліся першыя паслярэвалюцыйныя гады ў павеце, людзей даймалі голад і галеча, узрасла спекуляцыя, злачыннасць. Апрача гэтага на франтах грамадзянскай вайны гінулі ўраджэнцы вёсак і мястэчкаў, сіротамі засталіся дзеці, з’явілася шмат няпоўнагадовых бяздомных бадзяг. Аднак жыццё не стаяла на месцы. Улады прымалі меры па ліквідацыі непісьменнасці, адчыняліся дзіцячыя садкі, выдзяляўся бяднейшай частцы насельніцтва насенны матэрыял для пасеву, аказвалася дапамога і калектыўным гаспадаркам. Перад заканчэннем грамадзянскай вайны ў павеце налічвалася 25090 сялянскіх гаспадарак у мястэчках, дзейнічала 11 камун, 241 арцель, 6 саўгасаў і 2193 іншыя гаспадаркі.      Згодна з пастановай другой сессіі ЦВК БССР “Аб адміністрацыйна-гаспадарчым дзяленні БССР” 17 ліпеня 1924 года быў утвораны Крычаўскі раён. У чэрвені 1927 г. раён уключаны ў склад Магілёўскай акругі, з 3 лютага 1938 года – у складзе Магілёўскай вобласці. 17 снежня 1931 года мястэчка Крычаў было пераўтворана ў горад Крычаў. Раён дзяліўся на 11 сельсаветаў.
      Самым складаным часам для сялянства Крычаўшчыны былі 1929–1930 гады, калі тут у масавым парадку ствараліся калгасы і саўгасы.
      У канцы 1929 г. і пачатку 1930 г. у Крычаве быў арганізаваны калгас “Сацыялістычны шлях”, у в. Сычык – імя Калініна, у в. Длягавічы – “Май”, у в. Міхеевічы – “Чырвоны сцяг”, у в. Прудок – “Ударнік”, у в. Чырвоны Ручай – “Чырвоны партызан” і г.д.
      Першымі трактарыстамі былі Аляксей Каменеў, Васіль Чавусаў, Таццяна Гіндзіна.
      Новая форма гаспадарання на зямлі спачатку не прыносіла жаданай эфектыўнасці, не павышала шчодра абяцаны арганізатарамі калгасаў дабрабыт селяніна. Патрабавалася тэхніка. Лягчэй стала, калі ў 1930-1931 гг. арганізавалася Крычаўская МТС. У раёне ўжо дзейнічала 85 калгасаў, 3 саўгасы, таму 45 трактараў МТС выкарыстоўваліся з поўнай нагрузкай. Неўзабаве створана была яшчэ адна МТС, калгасы і саўгасы раёна абслугоўвалі 80 трактараў і 14 камбайнаў. Прыход тэхнікі на калгасныя і саўгасныя палеткі не толькі аблегчыў працу хлебаробаў, але і спрыяў эканамічнаму развіццю гаспадарак. З кожным годам умацоўваліся гаспадаркі раёна, павышаўся матэрыяльны і культурны ўзровень насельніцтва.
      У 1939 г. у раёне было 72 калгасы, 2 МТС, 10 прамысловых прадпрыемстваў, 14 кааператыўных арцеляў і дробных майстэрняў. Адкрываліся новыя школы, далейшае развіццё атрымала мастацкая самадзейнасць. Значныя сацыяльна-эканамічныя і культурныя пераўтварэнні мянялі аблічча краю, стваралі ўмовы для далейшага паступальнага развіцця. Але напад гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз і акупацыя Беларусі нямецка-фашысцкімі войскамі перарвалі гэты працэс.
      У цяперашні час сельскагаспадарчыя ўгоддзі Крычаўскага раёна займаюць 33,6 тысячы гектар. Асноўны напрамак у развіцці галіны – мяса-малочная, жывёлагадоўля, ільнаводства, збожжавытворчасць і нарыхтоўка кармоў. У рамках рэспубліканскай Праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005–2010 гады ў Крычаўскім раёне ўведзены аграгарадкі Бель, Бацвінаўка, Маляцічы, Касцюшкавічы, Чырвоная Буда.
      У склад АПК уваходзяць 3 сельскагаспадарчых вытворчых кааператыва і адно унітарнае камунальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, а таксама прадпрыемствы, якія абслугоўваюць сельскае гаспадаркі. Гэта ААТ «Кричеврайагропромтехснаб», ветэрынарна-санітарная установа «Крычаўская райветстанция».
      У раёне маецца 25 жывёлагадоўчых ферм, адзін комплекс па адкорму буйной рагатай жывёлы, прадпрыемства па вытворчасці малака.
      Адраджэннем і захаваннем мясцовых народных абрадаў і традыцый сельскай мясцовасці займаюцца сельскія клубныя ўстановы і сельскія бібліятэкі. Сёння гэта – цэнтры традыцыйнай народнай культуры, дзе ўжо даўно ўкараніліся і праводзяцца святы і абрады народнага календара, такія як Каляды, Вялікдзень, Купалле, Спас, Пакроў і інш. У сельскіх клубных установах створаны і дзейнічаюць «Куткі сялянскага быту», якія ўтрымліваюць прадметы даўніны і інфармацыю аб традыцыйным беларускім касцюме, вышыўцы, архаічных узорах і вырабах, адметных для населеных пунктаў. Усе сабраныя матэрыялы шырока выкарыстоўваюцца ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, пасяджэннях клубных фарміраванняў. Сельскія клубныя ўстановы не спыняюцца на дасягнутым і паспяхова адраджаюць абрады сваёй мясцовасці.