Гісторыя вёсак Крычаўскага раёна
Уступ
Краязнаўства – адметная з’ява ў сучаснай культуры. Цікавасць да гістарычнага мінулага роднай зямлі, цікавасць да лёсаў людскіх з кожным годам павялічваецца. Выданні аб сваім краі, яго мінулым і сучасным з’яўляюцца візітнай карткай краю, паказчыкам яго сённяшняга ўзроўню культуры. Да такіх выданняў будуць звяртацца і ў будучым стагоддзі.
Пасля шматлікіх год бяздумных адносін да гісторыі сваёй “малой радзімы”, да яе бліжэйшага і даўнейшага мінулага, прыйшло разуменне таго, наколькі гэта патрэбна і важна для нас. І таму бібліятэкары і імкнуцца вярнуць сваім землякам страчанае – усё, што пакуль яшчэ магчыма. Яны збіраюць матэрыялы для краязнаўчых папак, альбомаў, ствараюць летапісы вёсак, запісваюць успаміны старажылаў, удзельнічаюць у правядзенні святаў вёсак і інш.
Пра гісторыю вёсак Крычаўскага раёна напісана шмат. Існуюць працы як агульнага характару, так і прысвечаныя асобным перыядам гісторыі вёсак раёна. Але адзінага бібліяграфічнага даведніка не існавала. Перад бібліятэкай паўстала задача: стварыць цэласны бібліяграфічны рэсурс па гісторыі і сучасным стане рэгіёна, нацэлены на забеспячэнне ўстойлівых запытаў і патрэбнасцяў карыстальнікаў.
Цэнтральнай бібліятэкай падрыхтаваны бібліяграфічны паказальнік “Гісторыя вёсак Крычаўскага раёна”, які накіраваны на выхаванне гістарычнай памяці і захаванню ўнікальнай спадчыны раёна. У ім прадстаўлена 113 назваў вёсак. Матэрыял размешчаны ў парадку алфавіту вёсак раёна. Аб кожнай вёсцы даецца гістарычная даведка, невялікае апісанне, спіс крыніц, унутры раздзелаў таксама ў алфавіце аўтараў і загалоўкаў. Усяго 867 бібліяграфічных запісаў. Адбор матэрыяла закончаны ў кастрычніку 2016 г.
Паказальнік уключае літаратуру пераважна з краязнаўчага каталога раённай цэнтральнай бібліятэкі. Уключаны і тыя выданні, якія адсутнічаюць у бібліятэцы. Апісанне артыкулаў з невыразнымі загалоўкамі раскрываецца. Некаторыя артыкулы суправаджаюцца фотаздымкамі. У паказальніку адлюстраваны кнігі, асобныя раздзелы з іх, артыкулы са зборнікаў, матэрыялы з часопісаў і газет. Выданне змяшчае бібліяграфічнае апісанне кніг, артыкулаў на беларускай і рускай мовах.
Да паказальніка створаны даведачны апарат дапаможныя паказальнікі: геаграфічны, персаналій, археалагічных помнікаў.
У геаграфічным паказальніку ў алфавітным парадку прыводзяцца назвы вёсак раёна. Пасля назвы населенага пункту даюцца лічбы якія паказваюць нумары артыкулаў пра вёску.
У паказальнік персаналій уключаны знакамітыя людзі раёна. Усе прозвішчы размяшчаюцца ў адзіным алфавітным парадку, а пры аднолькавых прозвішчах – у алфавіце ініцыялаў. Пасля прозвішча і ініцыялаў паказваецца від дзейнасці і гады жыцця персаналіі (калi ўстаноўлены), затым даюцца лічбы якія паказваюць нумар старонкі на якой змешчана згадванне пра асобу.
У паказальнік археалагічных помнікаў Крычаўскага раёна вынесены ўсе археалагічныя помнікі раёна. Пасля назвы населенага пункту і помніка даюцца лічбы якія паказваюць нумар артыкула пра помнік.
Мэта бібліяграфічнага паказальніка – пазнаёміць настаўнікаў, вучняў, культработнікаў, аматараў гісторыі і ўсіх тых, хто цікавіцца краязнаўствам з літаратурай аб вёсках Крычаўскага раёне. Паказальнік будзе садзейнічаць забеспячэнню больш шырокіх ведаў пра каштоўнасць спадчыны роднага краю, яе зберажэнню і папулярызацыі.
Праца прызначаецца для гісторыкаў, краязнаўцаў, супрацоўнікаў музеяў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.
Безумоўна, цяперашняе выданне не можа прэтэндаваць на поўнае і вычэрпальнае раскрыццё настолькі значнай тэмы, заяўленай у назве. Але мы спадзяёмся, што з’яўляючыся першым крокам на шляху стварэння рэгіянальнай бібліяграфіі, ён будзе карысны для гісторыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў, краязнаўцаў, супрацоўнікаў бібліятэк, а таксама ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.
Паказальнік адрасаваны бібліятэкарам, гісторыкам, краязнаўцам, а таксама можа быць выкарыстаны ўсімі, каго цікавіць гісторыя роднага краю, або шукае звесткі пра вёскі і персаналіі, звязаныя з Крычаўшчынай. Бібліятэкарам можна выкарыстаць паказальнік для папаўнення краязнаўчых картатэк, выканання даведак, складання летапісаў вёсак.