ГАРБАТКА
ГАРБАТКА – вёска ў Лабковіцкім сельскім Савеце. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 18 ст. У 1768 г. маёнтак у Мсціслаўскім ваяводстве, шляхецкая ўласнасць. У 1777 г. вёска ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерніі. У 1858 г. 30 двароў, 220 жыхароў, уласнасць памешчыка. У 1874 г. памешчык меў у вёсках Гарбатка і Бель 150 дзесяцін зямлі, вадзяны млын, карчму і вінакурны завод. У 1880 г. 35 двароў, 210 жыхароў. Частка вяскоўцаў займалася кравецкім і іншымі промысламі. У 1897 г. вёска (43 двары, 297 жыхароў) і аднайменны фальварак (7 двароў 54 жыхары, вінакурны завод) у Крычаўскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1909 г. ў вёсцы 50 двароў, 375 жыхароў, у маёнтку 1 двор, 1 жыхар, у былой карчме 1 двор, 4 жыхары. Дзейнічала аднакласная школа. 3 26.4.1919 г. ў Чэрыкаўскім павеце Гомельскай губерніі РСФСР. 3 20.8.1924 г. ў Варанёўскім сельскім Савеце Крычаўскага раёна Калінінскай акругі БССР, у 1927—39 гг. Магілёўскай акругі, з 20.2.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1925 г. ў школе было 80 вучняў. У 1926 г. 76 двароў, 396 жыхароў. У 1930 г. арганізаваны калгас «XII з'езд Саветаў». У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 30.9.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 3 вяскоўцы загінулі на фронце. 3 24.6.1960 г. ў Лабковіцкім сельскім Савеце. У 1986 г. 45 гаспадарак, 92 жыхары, у складзе калгаса «Сацыялістычны шлях» (цэнтр — в. Іванаўка), пачатковая школа. У 2007 г. 23 гаспадаркі, 43 жыхары. У 2016 г. 30 жыхароў.
ЛІТАРАТУРА
227. Гарбатка : [вёска ў Крычаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 6 : . – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004— Магілёўская вобласць, кн. 2 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. – С. 408.
228. Гарбатка : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Крычаўскага раёна. – Маладзечна : Перамога, 2004. – С. 692.
229. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХIII cтст. / А. А. Мяцельскі. – 2-е выданне, выпраўленае. – Мінск : Беларуская навука, 2014. – С. 272, 281, 432, 631.
У тэксце ёсць згадка пра в. Гарбатка.