ГОРКІ

ГОРКІ – вёска ў Бацвінаўскім сельскім Савеце. За 0,4 км на захад ад вёскі захавалася гарадзішча 14—16 ст. Насупраць, на схілах левага берага р. Любавічка (прыток р. Волчас) размешчана паселішча 14—17 ст. Гэтыя археалагічныя помнікі сведчаць аб засяленні тутэйшых мясцін у далёкай старажытнасці. Паводле пісьмовых крыніц вя­дома з 18 ст. У 1780 г. ў Чэрыкаўскім па­веце Магілёўскай губерніі, 22 двары, 222 жы­хары. У 1858 г. 120 рэвізскіх душ. Частка вяскоўцаў займаліся кравецкім промыс­лам. У 1897 г. ў Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета, 67 двароў 477 жыхароў. У 1909 г. ў вёсцы 64 двары, 551 жыхар, на 5 хутарах 7 двароў, 26 жыхароў. У пачатку 1920-х г. створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1921 г. было 84 вучні. 1.2.1920 г. пачала дзейнічаць школа па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. 3 26.4.1924 г. ў Чэрыкаўскім раёне Калінінскай акругі БССР, з 9.6.1927 г. да 23.7.1930 г. Магілёўскай акругі, з 20.2. 1938 г. ў Магілёўскай вобласці. 3 16.9.1959 г. ў Крычаўскім раёне. 3 20.8.1924 г. да 24.6.1960 г. цэнтр сельсавета. У 1930 г. створаны калгас «Шлях сацыялізму», працавала кузня. У 1940 г. 36 двароў, 161 жыхар. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 1.10.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У верасні 1943 г. гітлераўцы поўнасцю спалілі вёску. 4 вяскоўцы загінулі на фронце. Пасля вызвалення адбудавана. У 1986 г. 24 гаспадаркі, 60 жыхароў, у скла­дзе калгаса імя А. В. Суворава (цэнтр — в. Сычыкі). У 2007 г. 12 гаспадарак, 28 жыхароў. У 2016 г. 26 жыхароў.

 

ЛІТАРАТУРА
233. Горкі : [вёска ў Крычаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 6 : . – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004— Магілёўская вобласць, кн. 2 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. – С. 409.
234. Горкі : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Крычаўскага раёна. – Маладзечна : Перамога, 2004. – С. 31, 42, 632, 680.
У тэксце згадваецца пра археалагічныя помнікі каля в. Горкі.
235. Горкі, гарадзішча і селішча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / рэдакцыйная калегія: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, 1986. — С. 279—280.