КАХАНОЎ

     КАХАНОЎ – былая вёска ў Касцюшкавіцкім сельскім Савеце. За 0,1 км на паўднёвы усход ад вёскі захаваўся могільнік (11 насыпаў), што сведчыць аб засяленні гэтых месц у далёкай старажытнасці. Вядома з 19 ст. У 1844 г. вёска ў складзе казённага маёнтка Волчас у Чэрыкаўскім павеце, 8 двароў. Меліся млын і карчма. У 1897 г. 11 двароў, 84 жыхары, у 1909 г. 10 двароў, 87 жыхароў. 3 сакавіка 1924 г. ў БССР, з 17.7.1924 г. ў Крьгчаўскім раёне, з 20.2.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1930-я г. вяскоўцы ўступілі ў калгас. У 1940 г. 17 двароў, 33 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 1.10.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У верасні 1943 г. гітлераўцы поўнасцю спалілі вёску. У 1986 г. 1 гаспадарка, 1 жыхар, у складзе калгаса «Памяць Леніна» (цэнтр – в. Касцюшкавічы).
     Радзіма генерал-палкоўніка, удзельніка савецка-фінляндскай і Вялікай
Айчыннай войн Фёдара Іванавіча Добыша (1906—1980) – савецкага ваеннага дзеяча. Аднаго са стваральнікаў ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. Генерал-палкоўніка (з 1962). Камандуючага 50-й ракетнай арміяй. Кавалера чатырох ордэнаў Леніна.

ЛІТАРАТУРА
482. Каханоў : [былая вёска ў Крычаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 6 : . – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004— Магілёўская вобласць, кн. 2 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. – С. 422.
483. Каханоў : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Крычаўскага раёна. – Маладзечна : Перамога, 2004. – С. 32, 42.
У тэксце згадваецца пра археалагічны помнік каля в. Каханоў.
484. Цітоў, К. Першы ракетны камандарм : [Фёдор Івановіч Добыш, ураджэнец в. Коханава] / К. Цітоў // Крычаўскае жыццё. – 2016. — 7 мая. — С. 9 : фота.