КРАСНАЯ БУДА (да 1935 г. Жыдава Буда)

     КРАСНАЯ БУДА (да 1935 г. Жыдава Буда) – вёска, цэнтр сельскага Савета (з 16.7.1954). Паводле пісьмовых крыніц вядома з 18 ст. У 1762 г. сяло ў Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ, мелася карчма. У 1816 г. ў Клімавіцкім павеце, 24 двары, 92 жыхары, уласнасць памешчыка. Непадалёку быў маёнтак, гаспадар якога меў у 1874 г. ў вёсках Жыдава Буда і Сярэбраны Ручай 300 дзесяцін зямлі, млын. Дзейнічалі дзягцярна-бяроставае прадпрыемства і крама. У 1883 г. ў Хатовіжскай воласці Клімавіцкага павета, 32 двары, 159 жыхароў У 1897 г. 26 двароў, 189 жыхароў. У 1904 г. заснаваны вінакурны завод (у 1913 г. 7 рабочых). У 1909 г. 28 двароў 189 жыхароў. Побач быў фальварак (1 двор, 25 жыхароў). 3 26.4.1919 г. ў Чэрыкаўскім павеце Гомель­скай губерніі РСФСР. 3 20.8.1924 г. ў Прахораўскім, з 21.8.1925 г. ў Міхеевіцкім сельскім Савеце Крычаўскага раёна Калінінскай, з 9.6.1927 г. да 23.7.1930 г. Магілёўскай акруг БССР, з 20.2.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1919 г. адкрыта працоўная школа 1-й ступені, якой быў перададзены памешчыцкі дом (у 1926 г. 45 вучпяў). У 1926 г. 54 двары, 332 жы­хары. У1931 г. арганізаваны калгас «Чырвоная Буда», які ў 1932 г. аб'ядноўваў 36 гаспадарак. У 1940 г. 38 двароў, 250 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30.9.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гітлераўцы ў верасні 1943 г. спалілі 31 двор, загубілі 7 жыхароў. У час акупацыі дзейнічала камсамольская антыфашысцкая група пад кіраўніцтвам А. Крупадзёрава. У цэнтры вёскі, каля шашы Крычаў—Рослаўль у 1979 г. пастаўлена стэла ў памяць аб юных падпольшчыках групы, якія ў 1943 г. загінулі ад рук фашыстаў. 43 вяскоўцы загінулі на фронце. У 2 брацкіх магілах, што на вясковых могілках, пахаваны савецкія воіны, якія загінулі ў баях супраць гітлераўцаў. У цэнтры вёскі пастаўлены абеліск у памяць аб 396 земляках з вёсак сельсавета, якія загінулі ў баях супраць фашызму. Пасля вайны адбудавана. У 1976 г. да вёскі далучаны вёскі Чырвоны Ручай і Кастрычнікі. У 1986 г. цэнтр саўгаса «Крычаўскі», 351 гаспадарка, 912 жыхароў, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, сярэдняя і музыкальная школы, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, аддзяленне ашчаднага банка, Дом быту, швейная і шавецкая майстэрні, сталовая, гандлёвы цэнтр. У 2007 г. ў вёсцы бібліятэка, ся­рэдняя школа, аддзяленні сувязі і АСБ «Беларусбанк», пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, магазін. У склад сельсавета ўваходзяць 14 вёсак і 3 пасёлкі. У канцы 1930-х г. на тэрыторыі сучаснага Краснабудскага сельскаг Савета былі вёскі Першамайская (да 1937 г. Дрышчаў), Белы Камень, Эмануілаўка, Чырвоная Горка, Закаты, Кавылкіна, пасёлак Трудавы, якія зараз не існуюць. У 2007 г. 319 гаспадарак, 807 жыхароў. У 2009 годзе вёска рэарганізавана ў аграгарадок. У 2016 г. 824 жыхары.

ЛІТАРАТУРА
507. Аттестат аккредитации : [получил Краснобудский винзавод] // Кричевская жизнь. – 2010. – 20 лістапада. – С. 5.
508. Владимиров, Д. Главный критерий – надёжность : [строительство агрогородка "Красная Буда"] / Д. Владимиров // Ленінскі клiч. – 2009. – 15 мая. – С. 1.
509. Дорога к читателю : [о работе Краснобудской сельской библиотеки] // Кричевская жизнь. – 2013. – 11 верасня. – С. 1.
510. Красная Буда : [вёска ў Крычаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 6 : . – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004— Магілёўская вобласць, кн. 2 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. – С. 423—424.
511. Крыжэвіч, С. Адданы сваёй працы : [пра былога дырэктара Будзянскай сярэдняй школы Аляксандра Фёдаравіча Рыжыкава] / С. Крыжэвіч // Кричевская жизнь. – 2011. – 1 кастрычніка. – С. 3—4.
512. Крыжэвіч, С. З гісторыі вёскі Чырвоная Буда / С. Крыжэвіч // Ленiнскi клiч. – 1997. – 5 красавіка.
513. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХIII cтст. / А. А. Мяцельскі. – 2-е выданне, выпраўленае. – Мінск : Беларуская навука, 2014. – С. 210, 281, 634.
У тэксце ёсць згадка пра в. Красная Буда.
514. Плуткова, В. Нам года – не беда : [вечер-встреча ветеранов труда в агрогородке Красная Буда] / Валентина Плуткова // Кричевская жизнь. – 2015. — 19 жніўня. — С. 3.
515. Расце саўгасны пасёлак : ["Крычаўскі"] // Магiлёўская праўда. – 1962. – 10 лютага.
516. "Условия для предпринимательства в районе созданы хорошие" : [беседа с учредителем ЧТПУП "БудаМебель" А. Вырво] // Кричевская жизнь. – 2014. — 1 сакавіка. — С. 7.
517. Чырвоная Буда : [вёска ў Крычаўскім раёне] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Крычаўскага раёна. – Маладзечна : Перамога, 2004. – С. 702—703.
518. Хамышкін, М. У новым Доме культуры : [аб адкрыцці Дома культуры ў саўгасе "Крычаўскі"] / М. Хамышкін // Ленінскі кліч. – 1971. — 10 чэрвеня.