МІРНАЯ (да 30.07.1964 г. вёскі Глупікі 1 і Глупікі 2)
МІРНАЯ (да 30.7.1964 г. вёскі Глупікі 1 і Глупікі 2) – вёска ў Маляціцкім сельскім Савеце. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 18 ст. У 1758 г. маёнтак і вёска Глупікі ў Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ, шляхецкая уласнасць. У 1777 г. ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерніі. У 1780 г. сяльцо Глупікі (17 двароў, 77 жыхароў) і сяльцо Глупікі Каменскіх (21 двор, 120 жыхароў) у Чэрыкаўскім павеце. У 1834 г. 184 жыхары, уласнасць памешчыка, непадалёку быў маёнтак, гаспадар якога меў у 1850 г. 176 дзесяцін зямлі, а ў 1872 г. 160 дзесяцін у вёсках Глупікі і Ануфрыева. Дзейнічаў хлебазапасны магазін (адкрыты не пазней 1882). У 1897 г. ў Маляціцкай воласці Чэрыкаўскага павета, вёскі Глупікі 1 (45 двароў, 289 жыхароў) і Глупікі 2 (28 двароў, 161 жыхар). Меліся 4 ветраныя млыны. У 1909 г. ў в. Глупікі 1 было 50 двароў, 241 жыхар, у в. Глупікі 2 — 30 двароў, 184 жыхары, у фальварку Глупікі — 1 двор, 8 жыхароў. У 1909 г. адкрыта школа (народнае вучылішча). На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1 -й ступені, якая атрымала нацыяналізаваны будынак (у 1925 г. 64 вучні). 3 26.4.1919 г. ў Чэрыкаўскім павеце Гомельскай губерніі РСФСР. 3 20.8.1924 г. ў Паланіцкім, з 1925 г. ў Баеўскім сельсаветах Крычаўскага раёна Калінінскай, з 9.6.1927 г. да 23.7.1930 г. Магілёўскай акруг БССР, з 20.2.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1926 г. ў в. Глупікі 1 было 58 двароў, 334 жыхары, у в. Глупікі 2 – 58 двароў, 331 жыхар. У 1931 г. арганізаваны калгасы «Чырвоная Горка» (у 1932 г. 13 гаспадарак) і «Чырвоны барацьбіт» (у 1932 г. 52 гаспадаркі). Працаваў заснаваны ў 1923 г. паравы млын. Абслугоўвала калгасы Крычаўская МТС. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 1.10.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На фронце загінулі 35 вяскоўцаў. 3 16.7.1954 г. ў Маляціцкім сельскім Савеце. У 1986 г. 61 гаспадарка, 154 жыхары, у складзе калгаса «Вялікі Кастрычнік» (цэнтр – в. Луты), дзейнічалі магазін, клуб. У 2007 г. 60 гаспадарак, 152 жыхары, працаваў клуб. У 2016 г. 137 жыхароў.
Радзіма Свадкоўскага Івана Фаміча, доктара педагагічных навук,
акадэміка. Вывучаў школьную справу у Амерыцы, там жа працаваў у акадэміі педагагічных навук, веў даследчую работу ў Маскве і Ленінградзе. У гады вайны быў адначасова дырэктарам 3-х дзіцячых дамоў. Яму належаць працы па гісторыі педагогікі, дапаможнікі для студэнтаў ВНУ, кніга "Выхаванне працавітасці". Рэдактар часопіса "Сям'я і школа". Узнагароджан ордэнам "Знак Пашаны", ордэнам Леніна, медалем імя К. Д. Ушынскага – адной з вышэйшых педагагічных узнагарод. Памёр у 1977 г.
ЛІТАРАТУРА
638. Мірная : [вёска ў Крычаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 6 : . – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004— Магілёўская вобласць, кн. 2 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. – С. 431—432.
639. Мірная : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Крычаўскага раёна. – Маладзечна : Перамога, 2004. – С. 632, 698.
640. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХIII cтст. / А. А. Мяцельскі. – 2-е выданне, выпраўленае. – Мінск : Беларуская навука, 2014. – С. 262, 272, 281, 617.
У тэксце ёсць згадка пра в. Мірная.