НОВІКІ (да 30.07.1964 г. Балванаўка)

     НОВІКІ (да 30.7.1964 г. Балванаўка) – вёска ў Касцюшкавіцкім сельскім Савеце. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 18 ст. У 1768 г. в. Балванаўка і аднайменны маёнтак у Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ, шляхецкая уласнасць. У 1777 г. вёска ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерніі. У 1780 г. 15 двароў, 91 жыхар. У 1834 г. вёс­ка і фальварак, уласнасць памешчыка, які меў у 1846 г. 139 дзесяцін зямлі. У 1897 г. ў Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета, 21 двор, 161 жыхар. У 1909 г. 19 двароў, 178 жыхароў. 3 26.4.1919 г. ў Чэрыкаўскім павеце Гомельскай губерніі РСФСР. 3 1925 г. ў Касцюшкавіцкім сельскім Савеце Крычаўскага раёна Калінінскай, з 9.6.1927 г. да 23.7.1930 г. Магілёўскай акруг БССР, з 20.2.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1919 г. з в. Лушчэвінка пераведзена школа, якая размясцілася ў наёмным памяшканні, у 1925 г. было 24 вучні. Дзейнічаў гурток па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1930 г. арганізаваны калгас. У 1940 г. 32 двары, 151 жыхар. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 1.10.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У верасні 1943 г. акупанты поўнасцю спалілі вёску, загубілі 3 жыхароў. На фронце загінулі 2 вяскоўцы. Пасля вайны адбудавана. У 1986 г. 22 гаспадаркі, 42 жыхары, у складзе калгаса «Памяць Леніна» (цэнтр – в. Касцюшкавічы). У 2007 г. 8 гаспадарак, 10 жыхароў. У 2016 г. 4 жыхары.

ЛІТАРАТУРА
674. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХIII cтст. / А. А. Мяцельскі. – 2-е выданне, выпраўленае. – Мінск : Беларуская навука, 2014. – С. 281, 639.
У тэксце ёсць згадка пра в. Навікі (Балванаўка).
675. Новікі : [вёска ў Крычаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 6 : . – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004— Магілёўская вобласць, кн. 2 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. – С. 434—435.
676. Новікі : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Крычаўскага раёна. – Маладзечна : Перамога, 2004. – С. 688.