СТАБОРШЧЫНА
СТАБОРШЧЫНА – вёска ў Лабковіцкім сельскім Савеце. Па паўночна-заходняй ускраіне вёскі, па правым беразе р. Чорная Натапа захаваўся могільнік (21 насып), за 1 км на паўднёвы захад ад вёскі – курган, якія сведчаць аб засяленні гэтых месц у далёкай старажытнасці. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 18 ст. У 1777 г. вёска ў Чэрыкаўскім павеце. У 1780 г. 11 двароў, 73 жыхары. У 1816 г. ў Чэрыкаўскім павеце, 3 двары, 33 жыхары, уласнасць памешчыка. Непадалёку з 1850 г. быў маёнтак. У 1897 г. вёска (4 двары, 25 жыхароў) і аколіца (7 двароў, 45 жыхароў) у Маляціцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1909 г. ў вёсцы 7 двароў, 47 жыхароў, у аднайменнай аколіцы 14 двароў, 34 жыхары. 3 26.4.1919 г. ў Чэрыкаўскім павеце Гомельскай губерніі РСФСР. 3 20.8.1924 г. ў Кашанскім сельскім Савеце Крычаўскага раёна Калінінскай, з 9.6.1927 г. да 26.7.1930 г. Магілёўскай акруг БССР, з 20.2.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1926 г. 18 двароў, 109 жыхароў. У 1930 г. арганізаваны калгас «Праца». У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 1.10.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На фронце загінулі 2 вяскоўцы. 3 16.7.1954 г. ў Лабковіцкім сельскім Савеце. 3 25.12.1962 г. да 6.1.1965 г. ў Мсціслаўскім раёне. У 1986 г. 15 гаспадарак, 26 жыхароў, у складзе калгаса імя К. Маркса (цэнтр – в. Лабковічы). У 2007 г. 3 гаспадаркі, 4 жыхары. У 2016 г. 2 жыхары.
ЛІТАРАТУРА
822. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХIII cтст. / А. А. Мяцельскі. – 2-е выданне, выпраўленае. – Мінск : Беларуская навука, 2014. – С. 50, 80, 273, 282, 637.
У тэксце ёсць згадка пра в. Стаборшчына.
823. Стаборшчына : [вёска ў Крычаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 6 : . – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004— Магілёўская вобласць, кн. 2 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. – С. 445.
824. Стаборшчына : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Крычаўскага раёна. – Маладзечна : Перамога, 2004. – С. 32, 43, 695—696.
У тэксце згадваецца пра археалагічны помнік каля в. Стаборшчына.
825. Стаборшчына, курган і курганны могільнік // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / рэдакцыйная калегія: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, 1986. — С. 282.