СТАРАСЕЛЛЕ
СТАРАСЕЛЛЕ – вёска ў Лабковіцкім сельскім Савеце. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 17 ст. У 1604 г. сяло Крычаўскай дзяржавы ў ВКЛ, казённая уласнасць. У 1708 г. 40 двароў, 287 жыхароў, належала казённай палаце. У 1897 г. ў Маляціцкай воласці Чэрыкаўскага павета, 60 двароў, 491 жыхар. У 1909 г. 75 двароў, 740 жыхароў. 3 26.4.1919 г. ў Чэрыкаўскім павеце Гомельскай губерніі РСФСР. 3 20.8.1924 г. ў Кашанскім сельскім Савеце Крычаўскага раёна Калінінскай, з 9.6.1927 г. да 23.7.1930 г. Магілёўскай акруг БССР, з 20.2.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1926 г. 68 двароў, 713 жыхароў. У 1926 г. адкрыта школа (41 вучань). У 1931 г. арганізаваны калгасы «Камінтэрн» і імя К. Маркса, якія ў хуткім часе аб'ядналіся ў адну гаспадарку – калгас імя К. Маркса, мелася кузня. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 1.10.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 3 вяскоўцы загінулі на фронце. 3 16.7.1954 г. ў Лабковіцкім сельскім Савеце. У 1962—65 гг. у Мсціслаўскім раёне. У 1986 г. 54 гаспадаркі, 103 жыхары, у складзе калгаса імя К. Маркса (цэнтр – в. Лабковічы). У 2007 г. 16 гаспадарак, 22 жыхары, працаваў магазін. У 2016 г. 10 жыхароў.
Радзіма Барысава Аляксандра Філіпавіча, Героя Сацыялістычнай працы, начальніка доменнага цэха па выплаўке метала.
ЛІТАРАТУРА
826. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХIII cтст. / А. А. Мяцельскі. – 2-е выданне, выпраўленае. – Мінск : Беларуская навука, 2014. – С. 50, 208, 267, 273, 282, 627.
У тэксце ёсць згадка пра в. Стараселле.
827. Стараселле : [вёска ў Крычаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 6 : . – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004— Магілёўская вобласць, кн. 2 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. – С. 445—446.
828. Стараселле : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Крычаўскага раёна. – Маладзечна : Перамога, 2004. – С. 591, 696.