ВАРОДЗЬКАЎ-1
ВАРОДЗЬКАЎ 1 – вёска ў Бацвінаўскім сельскім Савеце. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 17 ст. У 1653 г. маёнтак Вародзькава Мсціслаўскага ваяводства ВКЛ. У 1684 г. сяло, меўся млын на р. Волчас. У 1766 г. 14 двароў 53 жыхары мужчынскага полу, уласнасць памешчыка. У 1844 г. пабудавана драўляная царква. Памешчык меў тут у 1845 г. 212 дзесяцін зямлі. У 1846 г. ў складз аднайменнага маёнтка Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерніі, дзяржаўная уласнасць 10 двароў, 71 жыхар. У 1858 г. 17 двароу 85 жыхароў. У 1862 г. сяляне правялі масавую высечку памешчыцкага лесу. У 1885 г. ў Беліцкай воласці Чэрыкаўскага павета, 22 двары, 149 жыхароў, заезны дом, царква. У 1897 г. ў сяле 6 двароў, 30 жыхароў, у в. Вародзькаў 1 — 31 двор, 190 жыхароў. Побач быў фальварак Вародзькаў. У 1899 г. адкрыта школа, адно памяшканне для якой пабудавана ў 1899 г., другое — у 1910 г. У школе ў 1902 г. навучаліся 74 хлопчыкі і 16 дзяўчынак. У 1909 г. ў сяле і вёсцы 45 двароў, 195 жыхароў, у фальварку 1 двор, 9 жыхароў. 3 26.4.1919 г. ў Чэрыкаўскім павеце Гомельскай губерніі РСФСР. 3 20.8.1924 г. ў Бацвінаўскім сельскім Савеце Крычаўскага раёна Калінінскай акругі БССР, з 9.6.1927 г. да 23.7.1930 г. Магілёўскай акругі, з 20.2.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1925 г. ў вясковай школе было 84 вучні з вёсак Вародзькаў 1, Вародзькаў 2, Вародзькаў 3, Ратная, Сычыкі, Цінькаў і навакольных хутароў, дзейнічала бібліятэка. У 1926 г. 46 двароў, 246 жыхароў. У 1930 г. арганізаваны калгас «На варце», мелася кузня. 26.7.1934 г. выязная рэдакцыя газеты палітаддзела Крычаўскай МТС і рэдакцыя калгаснай насценнай газеты выпусцілі друкаваным спосабам аб'яднаны нумар газеты, чым быў пакладзены пачатак першай у Беларусі калгаснай шматтыражнай газеце. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 1.10.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1962—65 гг. у Мсціслаўскім раёне. У 1986 г. 31 гаспадарка, 60 жыхароў, у складзе калгаса «Перамога» (цэнтр — в. Асавец), дзейнічалі пачатковая школа, магазін, клуб, бібліятэка. У 2007 г. 16 гаспадарак, 26 жыхароў, у вёсцы магазін, бібліятэка-клуб. У 2016 г. 18 жыхароў.
ЛІТАРАТУРА
192. Вародзькаў-1 : [вёска ў Крычаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 6 : . – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004— Магілёўская вобласць, кн. 2 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. – С. 404.
193. Вародзькаў-1 : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Крычаўскага раёна. – Маладзечна : Перамога, 2004. – С. 679.