ВЯРХОЎЦЫ

     ВЯРХОЎЦЫ – вёска ў Бацвінаўскім сельскім Савеце. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 18 ст. У 1777 г. сяло ў Чэрыкаўскім паве­це Магілёўскай губерніі. У 1847 г. сяло (2 два­ры, 7 жыхароў) і фальварак (7 жыхароў) у Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерніі, цэнтр маёнтка, уласнасць памешчыка. У 1858 г. 10 двароў, 98 жыхароў. Непадалёку быў маёнтак, а ў 1876 г. заснаван яшчэ адзін, гаспадар якога валодаў 543 дзесяцінамі зямлі. Дзейнічала царква (з 1882), пабудаваная з дрэва. У 1885 г. ў Беліцкай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерніі, 35 двароў, 258 жыхароў. Меліся заезны дом і царква. Частка вяскоўцаў займалася бандарным промыслам. У 1909 г. ў сяле 41 двор, 161 жыхар, царкоўна-прыходская шко­ла, у фальварку 2 двары, 7 жыхароў. 3 26.4.1919 г. ў Чэрыкаўскім павеце Гомельскай губерніі РСФСР. 3 20.8.1924 г. ў Баеўскім сельскім Савеце Крычаўскага раёна Калінінскай акругі БССР, з 9.6.1927 г. да 23.7.1930 г. Магілёўскай акругі, з 20.2.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У вясковай школе, створанай на базе дарэвалюцыйнай, у 1925 г. было 49 вучняў, яна атрымала нацыяналізаваны будынак. У жніўні 1929 г. арганізаваны калгас «Бальшавік». У 1940 г. 35 двароў, 170 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 1.10.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У маі 1942 г. партызаны атрада «Чапай» разграмілі паліцэйскі ўчастак, які размяшчаўся ў вёсцы. У верасні 1943 г. гітлераўцы поўнасцю спалілі вёску. 5 вяскоўцаў загінулі на фронце. Пасля вайны адбудавана. 3 16.7.1954 г. ў Бацвінаўскім сельскім Савеце, у 1962—65 гг. у Мсціслаўскім раёне. У 1986 г. 18 гаспадарак, 27 жыхароў, у скла­дзе калгаса «Перамога» (цэнтр — в. Аса­вец), магазін. У 2007 г. 1 гаспадарка, 1 жыхар.

ЛІТАРАТУРА
221. Вярхоўцы : [вёска ў Крычаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 6 : . – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004— Магілёўская вобласць, кн. 2 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. – С. 406—407.
222. Вярхоўцы : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Крычаўскага раёна. – Маладзечна : Перамога, 2004. – С. 679—680.
223. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХIII cтст. / А. А. Мяцельскі. – 2-е выданне, выпраўленае. – Мінск : Беларуская навука, 2014. – С. 272, 281, 420, 436, 631, 654.
У тэксце ёсць згадка пра в. Верхаўцы.