ВОЛЧАС

     ВОЛЧАС – вёска ў Касцюшкавіцкім сельскім Савеце. За 3 км на захад ад вёскі захавалася гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай куль­тур, за 350 м на захад ад вёскі — паселішча эпохі Кіеўскай Русі і сярэдневякоўя, за 250 м на поўнач ад вёскі — могільнік (41 на­сып), што сведчыць аб засяленні тутэйшых месц у глыбокай старажытнасці. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1560 г. як сяло ў Крычаўскай воласці ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць. У 1768 г. меўся маёнтак. У 1777 г. сяло ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерніі. У 1782 г. цэнтр Стара-Волчаскага староства, у Чэрыкаўскім павеце, 18 двароў, 131 жыхар, меліся фальварак, царква, вінакурня, 2 карчмы. У 1858 г. 30 жыхароў мужчынскага полу. Памешчык меў тут у 1875 г. 154 дзесяцін, у 1879 г. - 166 дзесяцін зямлі. У 1875 г. адкрыта школа, з 1882 г. дзейнічала пабудаваная з дрэва царква. У 1885 г. у Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета, 22 двары, 132 жыхары. Частка вяскоўцаў займалася кравецкім про­мыслам. У 1897 г. в. Волчас 1 (6 двароў, 32 жыхары) і с. Волчас 2 (49 двароў, 356 жыхароў, царква, царкоўна-прыходская шко­ла), фальварак Волчас (1 двор, 9 жыхароў) і маёнтак Волчас (ён жа Сечыха, 1 двор, 14 жыхароў). На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 г. было 97 вучняў. Дзейнічалі гурткі па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. 3 26.4.1919 г. ў Чэрыкаўскім павеце Гомельскай губерніі РСФСР. 3 20.8.1924 г. ў Горкаўскім сельскім савеце Чэрыкаўскага раёна Калінінскай акругі БССР, з 9.6.1927 г. да 23.7.1930 г. Магілёўскай акругі, з 20.2. 1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1930 г. арганізаваны калгас імя Леніна. У 1940 г. 69 двароў, 283 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 30.9.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У лютым 1942 г. каля вёскі партызаны атрада «Анатоля» вялі цяжкія баі супраць гітлераўскіх карнікаў. У верасні 1943 г. гітлераўцы поўнасцю спалілі вёску. На ўшанаванне памяці 115 воінаў-землякоў, якія загінулі на фронце, у 1980 г. ў парку пастаўлены абеліск. Пасля вай­ны адбудавана. 3 1959 г. ў Крычаўскім, у 1962—65 гг. у Мсціслаўскім раёнах, з 1982 г. ў Касцюшкавіцкім сельскім савеце. У 1986 г. 52 гаспадаркі, 134 жыхары, у складзе калгаса «Памяць Леніна» (цэнтр — в. Касцюшкавічы), дзейнічалі клуб, бібліятэка, медпункт, магазін, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, пачатковая школа. У 2007 г. 32 гаспадаркі, 78 жыхароў, бібліятэка-клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. У 2016 г. 42 жыхары.

 

ЛІТАРАТУРА
208. Анціпенка, Л. Волчас : [вёскі-юбіляры] / Л. Анціпенка // Ленiнскi клiч. – 2005. – 1 красавіка. – С. 2.
209. Балдоўскі, А. Шлях у нябыт : [вёскі Воўчас і Юркаўка] / А. Балдоўскі // Чырвоная змена. – 1992. – 3 жніўня. – С. 5.
210. Волчас : [вёска ў Крычаўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору : Т. 6 : . – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2004— Магілёўская вобласць, кн. 2 / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.] ; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. – С. 405—406.
211. Волчас : [вёска] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Крычаўскага раёна. – Маладзечна : Перамога, 2004. – С. 31,42, 684—685.
У тэксце згадваецца пра археалагічны помнік каля в. Воўчас.
212. Волчас, гарадзішча, селішча і курганны могільнік // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / рэдакцыйная калегія: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, 1986. — С. 279.
213. Мельнікаў, М. Цікавыя знаходкі : [у в. Волчас] / М. Мельнікаў // Ленінскі кліч. — 1974. — 27 жніўня.
214. Нікіценка, І. Воўчас : [верш] / І. Нікіценка // Кричевская жизнь. – 2011. – 23 лістапада. – С. 5.
215. Мяцельскі, А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХII–ХIII cтст. / А. А. Мяцельскі. – 2-е выданне, выпраўленае. – Мінск : Беларуская навука, 2014. – С. 49, 80, 262, 267, 272, 281, 420, 436, 616, 655.
У тэксце ёсць згадка пра в. Воўчас.
216. Рассадин, С. Е. Раскопки Волчаского городища / С. Е. Рассадин // Археологические открытия 1986 года. — Москва, 1988. — С. 376— 377.